Майстар-клас «Лялька-абярэг»

25.02.2019
У рамках правядзення Дня беларускай мовы ў Чысцінскім дзіцячым садку № 2 з выхавальнікамі  ўстановы  быў праведзены майстар-клас «Лялька-абярэг», на якім педагогі пазнаёміліся з прэзентацыяй «Лялькі-абярэга» і самі зрабілі лялькі.

 

Лялька - першая сярод цацак. Яна вядомая з глыбокай старажытнасці і застаецца самай любімай цацкай дзяўчынак. Лялька «жыве» побач з чалавекам, змяняецца з часам, адказваючы патрабаванням і павевам моды.

«Хто ў лялькі не гуляў, той шчасця не бачыў» - абвяшчае народная мудрасць. У лялькі дзеці гулялі раней, гуляюць сёння і будуць гуляць заўсёды. Нашы продкі лічылі, што чым даўжэй і больш дзіця гуляе, тым шчаслівейшым будзе яго жыццё.

Лялька гэта не проста дзіцячая цацка, гэта неад'емная частка народнага жыцця, выхавання, перадачы жыццёвых каштоўнасцяў і старажытных абрадаў. З спрадвечных часоў майстрамі было асвоена мастацтва вырабу такіх лялек, якія ўвабралі ў сябе ўсе культурныя традыцыі і звычаі Беларусі.

Лічылася, што лялькі, зробленыя сваімі рукамі, валодаюць магічнымі ўласцівасцямі. Нашы продкі верылі, што лялькі здольныя адганяць злых духаў і прыносіць шчасце ў дом. Да лялькаў ставіліся беражліва, іх захоўвалі, перадавалі ад мамы да дачкі, некаторым было больш за стагоддзе. У хатах налічвалася да сотні лялек.

Усе ўдзельнікі майстар-класа атрымалі мноства ўражанняў і задавальнення.