Дыялогавая пляцоўка па прамежкавых выніках апрабацыі рукапісу вучэбнага дапаможніка "Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі"

06.04.2024

Дыялогавая пляцоўка па прамежкавых выніках апрабацыі рукапісу вучэбнага дапаможніка "Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі" для 10 класа адбылася 6 красавіка ў гімназіі № 1 Слуцка.
Міністр адукацыі Андрэй Іванец нагадаў, што апрабацыя рукапісу вялася ў 14 школах краіны.
— Мы павінны завяршыць работу над падручнікамі для 10 класа да пачатку новага навучальнага года, каб з 1 верасня навучэнцы маглі займацца па іх, — акцэнтаваў Андрэй Іванец. — Пасля гэтага пачнецца работа над падручнікам для 11 класа.
Асаблівасці выкладання гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі ў наступным навучальным годзе настаўнікам растлумачыла прарэктар па метадычнай рабоце Акадэміі адукацыі Валянціна Гінчук, а пра тое, якім стане змест дысцыпліны, расказаў кіраўнік аўтарскага калектыву падручніка дэкан гістарычнага факультэта БДУ Аляксандр Каханоўскі.
Меркаваннем наконт таго, якім стаў дапаможнік, падзяліўся ўдзельнік апрабацыі настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 5 Маладзечна Максім Самаль. Педагог вылучыў не толькі моцныя бакі падручніка, але і звярнуў увагу на тыя моманты, якія абавязкова трэба дапрацаваць.
Удзел у абмеркаванні прымалі таксама настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Гарадоцкай базавай школы Шумель Таццяна Іванаўна і настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 14 Гайдуль Валяр’ян Яўгенавіч.
Завяршылася дыялогавая пляцоўка размовай з міністрам адукацыі ў фармаце адкрытага мікрафону і сумесным фота на памяць у найстарэйшай установе адукацыі краіны.

Фотогалерея: