Пасяджэнне раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры па тэме "Вучэбна-пазнавальная дзейнасць на занятках па беларускай мове і літаратуры"

28.11.2022

28 лістапада 2022 года прайшло пасяджэнне №2 раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання  настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры ў гімназіі №6. Прысутнічалі старшыні школьных ВМА і ўсе жадаючыя настаўнікі мовы і літаратуры. 

Тэма: Вучэбна-пазнавальная дзейнасць на занятках па беларускай мове і літаратуры

Мэта: арганізацыя вучэбна-пазнавальнай дзейнасці на занятках па беларускай мове і літаратуры ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў 2022/2023 навучальным годзе

Форма правядзення: семінар-практыкум

Кулікоўская Таццяна Іосіфаўна, старшыня РВМА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа №8 г.Маладзечна” паведаміла аб выкананні папярэдніх рашэнняў.

Міхась Міхасевіч Казлоўскі, краязнаўца, грамадскі дзеяч, крытык, публіцыст, выдавец паведаміў пра малавядомых літаратараў і мастакоў Маладзечаншчыны: Таццяну Сапач, Юльяна Сергіевіча, Язэпа Драздовіча, святара Адама Станкевіча. Маладзечна быў адным з цэнтраў культуры.  Расказаў, як пісаў прадмову да кнігі Арсенія Ліса. Пасля Міхась Міхасевіч трошачкі затрымаўся на нашай сустрэчы. Некаторых настаўнікаў ён добра ведае, яму прыемна было апынуцца ў нашым беларускамоўным  асяроддзі.

Наталля Міхайлаўна Рак, настаўніца беларускай мовы і літаратуры  ДУА “Гімназія №6 г.Маладзечна” асвяціла  эфектыўныя метады і прыёмы методыкі “Перакулены ўрок” і спосабы іх рэалізацыі на ўроках мовы і літаратуры. Матэрыял даступны, цікавы. Кожны настаўнік пры жаданні можа выкарыстоўваць на сваіх уроках гэту методыку.

Іна Віктараўна Дарашкевіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры  ДУА “Гімназія №6 г.Маладзечна”  напомніла пра развіццё пазнавальнай дзейнасці вучняў на ўроках мовы праз праблемнае навучанне.

Таццяна Сяргееўна Сарока, настаўніца беларускай мовы і літаратуры  ДУА “Гімназія №6 г.Маладзечна” правяла майстар-клас “Актыўная ацэнка як эфектыўная стратэгія навучання”. Асабісты рост і поспехі вучняў будуць залежыць ад разумення настаўнікам таго, навошта ён гэтаму вучыць  сваіх вучняў, і ад пазіцыі вучня: ведаю, навошта і чаму я павінен навучыцца. Выкарыстанне АА – гэта надзейны спосаб атрымаць чаканы вынік.

Таццяна Сяргееўна падрыхтавала таксама памятку для настаўнікаў па тэме, дзе змешчаны элементы АА, ход урока з АА, 10 правілаў актыўнай ацэнкі. Вельмі карысная падказка для педагогаў.

Настаўнікі беларускай мовы выказаліся пра перспектывы па выдавецкай дзейнасці.

Сустрэча атрымалася душэўнай, пазнавальнай, вельмі карыснай.

Фотогалерея: